ПІСАЛА...

год 1975-ы (2-е паўгоддзе)


Паляпшаць абслугоўванне пасажыраў

НА ПАРАДАК першай сесіі 15-га склікання гарадскога Савета дэпутатаў працоўных было вынесена пытанне «Аб рабоце транспартных арганізацый горада па паляпшэнню абслугоўвання прадпрыемстваў, арганізацый і насельніцтва». Хочацца спыніцца на рабоце калектыву адной з іх: аўтакалоны № 2433.
Дакладчык, старшыня гарвыканкома М. П. Філіпаў, адзначыў немалую работу, якая вядзецца па паляпшэнню абслугоўвання насельніцтва грамадскім аўтатранспартам. Да паслуг гараджан дзейнічае 14 маршрутаў, якія абслугоўваюць 37 аўтобусаў. А ўсяго 219 аўтобусаў і таксі забяспечваюць перавозкі насельніцтва горада і раёна.
3 кожным годам расце парк машын вялікай умяшчальнасці. Яны размеркаваны на маршрутах з вялікім пасажырапатокам. Да канца 1975 года 75 працэнтаў усіх перавозак пасажыраў будуць ажыццяўляцца іменна такімі аўтобусамі.
У аўтакалоне 20 шафёраў да 30-годдзя Вялікай Перамогі выканалі свае асабістыя пяцігодкі. Сярод іх Г. К. ІІІастакоў, Н. Д. Шкрэд, С. Ф. Абрамовіч, Л. Я. Маласай і іншыя. Вытворчае заданне чатырох год і шасці месяцаў па перавозцы пасажыраў выканана на 102,1 працэнта, а па пасажыра-кіламетрах – на 101,7 працэнта.
Для паляпшэння работы па абслугоўванню насельніцтва адміністрацыя аўтакалоны ажыццявіла шэраг мерапрыемстваў. Цяпер маршрут № 4 працуе па брыгаднаму метаду, сутнасць якога заключаецца ў калектыўнай адказнасці за выкананне планавага задання, высокую культуру абслугоўвання. Ствараюцца яшчэ дзве такія брыгады на маршрутах № 1, 2. 3 мэтай паляпшэння перавозак пасажыраў у гадзіны «пік» арганізаваны дадатковыя рэйсы на маршрутах №№ 1, 2, 3, 4, 6, 13.
Рэгулярна праводзіцца вывучэнне пасажырапатокаў з мэтай максімальнага выкарыстання рухомага саставу, вызначэння рацыянальных графікаў руху і маршрутаў. На аснове такіх даных на пасяджэннях выканкома гарадскога Савета дэпутатаў працоўных перагледжаны графікі работы такіх прадпрыемстваў як завод «Аўтагідраўзмацняльнік», фабрыка піяніна імя 50-годдзя КПБ і некаторыя іншыя.
Гарадскі аўтатранспарт з 1 ліпеня перайшоў на бяскасавую сістэму аплаты за праезд.
ЎСЁ Ж у рабоце аўтакалоны № 2433 маюцца сур'ёзныя недахопы. У бягучым годзе не выканан план па працягласці рабочага часу аўтобуса ў гадзінах, па прыбытку, прадукцыйнасці працы, каэфіцыенту выпуску аўтобусаў на лініі.
На гарадскіх маршрутах аўтобусы перагружаны, на прыпынках збіраецца мноства людзей. Здараюцца выпадкі, калі машыны не адпраўляюцца на маршруты па прычыне тэхнічнай няспраўнасці, паломак. Нярэдка машыны выходзяць на лініі бруднымі. Толькі ў 1974 годзе адбылося 2116 заўчасных з'ездаў з ліній, а ў першым квартале гэтага года — 330. Большасць транспартных сродкаў сыходзіць з ліній з-за тэхнічнай няспраўнасці. Аўтагаспадарка пакуль яшчэ поўнасцю не забяспечана неабходнай колькасцю запчастак. Але гэтыя цяжкасці не аказвалі б такога сур’ёзнага ўплыву на стан спраў, калі б у калектыве пытанням працоўнай дысцыпліны ўдзялялася належная ўвага. Непасрэдна па віне работнікаў аўтакалоны ў 1974 годзе было сарвана 168 рэйсаў, адбылося 42 заўчасных з'езды з ліній.
Яшчэ многа нараканняў на работу гарадскога транспарту, а таксама тых, хто абслугоўвае маршрутную сетку горада і раёна. Некаторыя работнікі дыспетчарскай службы, шафёры, кандуктары, кантралёры дазваляюць сабе грубасць і нетактоўнасць у адносінах да пасажыраў.
У калектыве значныя страты рабочага часу ад прагулаў і спазненняў.
КАБ ЗАБЯСПЕЧЫЦЬ патрэбы насельніцтва ў перавозках, неабходна, каб штодзённа працавала 212—215 вадзіцеляў. Па стану на 1 чэрвеня г. г. у аўтакалоне іх налічвалася 268 чалавек. Але практычна на работу па абслугоўванню гарадской і раённай маршрутнай сеткі выходзіць у сярэднім 173 шафёры. Штодзённа павінна працаваць на лініях 124 машыны (а ўсяго ў гаспадарцы—160). Але такое здараецца не заўсёды. Многа машын знаходзіцца на рамонце, да таго ж 22 аўтобусы адпраўляюцца ў будаўнічыя арганізацыі. Мы ўжо гаварылі, што вельмі многа машын знаходзіцца на рамонце. Але ж рамонтнымі работамі таксама займаюцца вадзіцелі, прыблізна па 20 чалавек кожны дзень.
Была названа і яшчэ адна прычына частых паломак аўтобусаў. Большасць гарадскіх маршрутаў абслугоўваюць аўтобусы маркі ЛІАЗ-677. Яны прызначаны для эксплуатацыі на дарогах з добрым пакрыццём. А стан дарог нашага горада на большасці маршрутаў дрэнны.
У спрэчках па дакладу прынялі ўдзел дэпутаты Ф. В. Сівянкоў, В. М. Таптуноў і іншыя. Яны выказалі шэраг крытычных заўваг у адрас работнікаў пасажырскай аўтакалоны.
У СВАІМ выступленні дэпутат вадзіцель аўтакалоны № 2433 А. К. Бурыхіб сказаў, што нармальная работа грамадскага транспарту магчыма пры ўмове рэгулярнага выпуску на лінію неабходнай колькасці машын, высокай культуры абслугоўвання, пры ўзаемнай павазе работнікаў аўтакалоны: вадзіцеляў, кандуктараў, кантралёраў і пасажыраў.
У калектыве добрая рамонтная база. Але не хапае запасных частак для рамонту машын. Больш таго — не хапае рабочых рук. Вялікая цякучасць кадраў.
Выступаючы адзначыў, што нельга не згадзіцца з крытыкай, якая была выказана ў адрас калектыву аўтакалоны. Яшчэ сустракаюцца работнікі, якія ганьбяць гонар усяго калектыву. На вінаватых накладваюцца спагнанні, а да злосных парушальнікаў дысцыпліны прымаюцца больш жорсткія меры ўздзеяння.
ПА АБМЕРКАВАНАМУ пытанню сесія прыняла адпаведнае рашэнне, у якім указваецца на неабходнасць прыняць тэрміновыя і дзейсныя меры на паляпшэнню тэхнічнай гатоўнасці аўтамашын, забеспячэнню якаснага і своечасовага рамонту, на недапушчальнасць выхада на лінію няспраўных і брудных аўтобусаў.
Сесія абавязала адказных работнікаў аўтакалоны сістэматычна праводзіць сустрэчы з кіраўнікамі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў і насельніцтвам па пытаннях транспартнага абслугоўвання. Неабходна таксама павысіць патрабаванні да вадзіцеляў, падняць на належны ўзровень палітыка-выхаваўчую работу ў калектыве, умацоўваць працоўную дысцыпліну, павышаць культуру абслугоўвання, праводзіць прафілактычную работу сярод вадзіцельскага саставу па папярэджанню дарожна-транспартных здарэнняў.
Выканкому гарадскога Савета дэпутатаў працоўных і яго аддзелу камунальнай гаспадаркі здзяйсняць своечасовы кантроль за якасным рамонтам праезнай часткі вуліц і тратуараў, праводзіць своечасовую падрыхтоўку праезных частак вуліц для эксплуатацыі ў зімовы час.
Кантроль за ходам выканання рашэння ўскадзен на гарадскую планавую камісію і пастаянную дэпутацкую камісію па прамысловасці, транспарту і сувязі. Аб ходзе выканання данага рашэння кіраўніцтва аўтакалоны № 2433 павінна паведаміць выканкому гарсавета да 25 студзеня 1976 года.


"Камуністычная праца", №110 (8701), Субота, 12 ліпеня 1975 года.




Настрой пасажыра


Калі чытаеш гэтыя пісьмы, то міжвольна ўзнікае ўражанне, што аб гэтым ужо калісьці чуў. Відаць, гэта ад таго, што іх аўтары рознымі словамі расказваюць адну і тую ж гісторыю.
Была поўнач. Дзве жанчыны, а разам з імі былі і дзеці, чакалі таксі. I вось доўгачаканая машына плаўна затармазіла ля стаянкі. Селі жанчыны ў аўтамабіль: «Нам бы да Юшкевіч дабрацца». Але вадзіцель Мінкевіч наладзіў сапраўдны гандаль: павязу толькі за пэўную суму грошай. Урэшце машына кранулася з месца і спынілася ў… гаражы. У канец горада М.Б. Барысенка і Р. К. Гец даставіла дзяжурная машына. А дадому яны дабраліся, калі стрэлкі гадзінніка паказвалі дзве гадзіны ночы.
Хто вінаваты ў гэтай гісторыі: жанчыны, якія селі ў таксі і хацелі хутчэй дабрацца да моў, ці вадзіцель, які адмовіўся іх везці? У кіраўніцтва аўтагаспадаркі наконт гэтага ёсць сваё, дакладнае меркаванне; вадзіцель груба парушыў правілы перавозкі пасажыраў, за што адхілен ад работы на таксі на два месяцы і за чэрвень пазбаўлен прэміяльных на 100 працэнтаў.
Вельмі падобнае пісьмо прыслала ў рэдакцыю барысаўчанка М. А. Антаненка. На станцыю Барысаў поезд, якім яна прыехала, прыбывае а палове другой гадзіны ночы. Аўтобусы, як вядома, у гэты час ужо не ходзяць. Убачыла таксі і абрадавалася, што хутка дома будзе (а жыве яна ў залінейным раёне). Але вадзіцель адмовіўся везці, спаслаўся, што ёсць іншыя пасажыры. Жанчыне з дзіцем нічога не заставалася рабіць, як чакаць наступнай машыны. А вадзіцель Аляксандраў, яшчэ доўга «кружыў» па прывакзальнай плошчы. Некалькі разоў падыходзіла Антаненка да вадзіцеля. Але Аляксандраў так і не «адважыўся» адчыніць дзверцы «Волгі», каб адвезці дамоў жанчыну з дзіцем.
Кіраўніцтва аўтапрадпрыемства папрасіла прабачэння ў Антаненка і пакарала вінаватага. Аляксандраву аб'яўлена вымова, ён таксама на два месяцы адхілен ад работы на таксі.
Вырашыла P. Капыток з'ездзіць да сваёй дачкі ў вёску. Але так здарылася, што білет не паспела узяць. Разам з іншымі падыйшла да вадзіцеля Пярэдні, які павінен быў весці аўтобус на маршруту Барысаў – Бараўляны. Замест адказу на іх просьбу ўзяць і іх ён пачаў крычаць і адганяць людзей ад машыны. Тады пасажыры, якім абавязкова трэба было дабрацца да месца прызначэння, узялі таксі да Зембіна. Спадзяваліся там перасесці на аўтобус. Але вадзіцель зноў паказаў свой нораў. Сказаў, што да Бараўлян не паедзе. А потым проста за рукавы выцягваў людзей з аўтобуса. Давялося шукаць спадарожныя машыны. А многія пайшлі пешшу. Шафёр урэшце перадумаў і паехаў на Бараўляны, але так і не спыніў машыну, каб забраць пасажыраў, сярод якіх былі жанчыны з груднымі дзецьмі.
На гэтае пісьмо адказ начальніка аўтакалоны № 2433 тав. Луцкевіча кароткі:
—Загадам па аўтакалоне вадзіцелю Пярэдні аб'яўлена строгая вымова. За ліпень ён поўнасцю пазбаўлен прэміяльных.
Трэба сказаць, што ў адказах, якія прысылае кіраўніцтва аўтагаспадаркі ў адрас рэдакцыі, вельмі часта сустракаецца фармуліроўка: звернута ўвага на чулыя, уважлівыя адносіны да пасажыраў, на павышэнне культуры абслугоўвання насельніцтва. Аднак працоўная дысцыпліна у калектыве пакуль што ўсё яшчэ знаходзіцца на нізкім узроўні. Відаць, адных адміністрацыйных мер уздзеяння мала. У гэтым сэнсе кіраўніцтву гаспадаркі ёсць над чым падумаць.
Было б няправільным меркаваць, што рэдакцыя атрымлівае толькі адны скаргі ў адрас работнікаў аўтатранспарту. Праўда, пісьмы-падзякі рэдкія ў нашай пошце, і ўсё ж яны ёсць.
«Кожны дзень мы ездзім на работу ў аўтобусе. I як важна, каб усялякія дробязі не сапсавалі настрой чалавеку. Рознае бывае: часам бяжыш, спяшаешся, каб не спазніцца на аўтобус, а ён перад табой кранаецца з месца. А іншы раз кандуктар нагрубіць ні за што ні пра што. Затое, як прыемна, калі бачыш ветлівае, культурнае абслугоўванне.
Вадзіцель Якаўлеў, які абслугоўвае маршрут Барысаў— Блонь, — ветлівы, добразычлівы чалавек. Ён заўсёды затрымаецца на хвілінку, калі бачыць пасажыра, які спяшаецца. Добра працуе і кандуктар тав. Мацюхіна. Сціплая, уважлівая, яна ніколі і нікому не адкажа груба.
Хочацца сказаць вялікае дзякуй, пажадаць усяго добрага такім людзям». Такое пісьмо даслалі ў рэдакцыю работнікі канторы калгаса «Маяк камунізму» Паўлавец, Лісоўская, Зуёнак і іншыя.
У рэдакцыйнай пошце многа пісьмаў, у якіх скаргі на частыя зрывы рэйсаў. Аб гэтым пісалі Л. Тогаль з вёскі Сялец, настаўнікі Лошніцкай сярэдняй школы, 3. Несцяровіч з в. Чэрнеўка і іншыя.
Прывядзём адно з іх, якое падпісалі 15 чалавек. Усе яны жывуць у вёсцы Малы Стахаў. «Мы падоўгу чакаем аўтобуса на Барысаў. Аднойчы пасля працяглага чакання пазванілі начальніку аўтакалоны, даведацца, у чым усё ж такі прычына, што так дрэнна ходзіць транспарт. Тав. Луцкевіч спаслаўся, што вельмі многа машын стаіць на рамонце. А мы кожную раніцу стаім на прыпынку, нервуемся, бо на работу спазняемся. 3 горам папалам дабіраемся на работу. Настрой дрэнны, а табе яшчэ вымову за спазненне аб'яўляюць. А на розных прадпрыемствах горада працуе 75 чалавек з нашай вёскі...»
Вось што адказвае на гэтыя пісьмы начальнік аўтакалоны № 2433 тав. Луцкевіч:
— Выпадкі зрыву рэйсаў маюць месца. Мы прымаем усе меры для таго, каб ухіліць гэтыя недахопы. Аднак у гаспадарцы склалася выключна цяжкае становішча з выпускам аўтобусаў на лініі па прычыне тэхнічных паломак рухавікоў, асабліва ЗІЛ-130. Толькі за перыяд з 11 па 31 мая па гэтай прычыне са строю выйшла 44 аўтобусы. Значная колькасць машын прастойвае з-за паломкі кузаваў, рамонт якіх вельмі працаёмкі і патрабуе працяглага прастойвання машын. Становішча яшчэ ўскладняецца і тым, што кожны дзень даводзіцца выдзяляць 24 машыны будаўнічым арганізацыям і 8 — Барысаўскаму бюро падарожжаў. Не хапае рамонтных рабочых.
Сваімі сіламі адрамантавалі 25 рухавікоў, 13 атрымалі з капітальнага рамонту. Таксама атрымана 2 новыя аўтобусы, 3 — з капітальнага рамонту. Паступова становішча будзе стабілізавацца. Меншая колькасць машын будзе выдзяляцца бюро падарожжаў, асабліва для дальніх паездак. Намесніку галоўнага інжынера аўтакалоны А. М. Казленку, персанальна адказнаму за забеспячэнне выпуску аўтобусаў на лініі, строга ўказана на неабходнасць палепшыць работу рамонтнай майстэрні.

Г. КАСЦЮКОВА.
"Камуністычная праца", №130 (8721), Субота, 16 жніўня 1975 года.




Паважаць вадзіцеля


Я працую вадзіцелем у аўтакалоне № 2433. Чытаю газету «Камуністычная праца». Часам кідаецца ў вочы заметка, як вось гэта: «Паважаць пасажыра». Чытаю яе. I як звычайна, нічога новага не даведваюся. Яна вельмі падобна на папярэднія, у якіх расказваецца пра тое, што доўга даводзіцца чакаць маршрутнага аўтобуса, зрываюцца рэйсы, вадзіцель або кантралёр грубяць пасажырам. Але вось ніхто на старонках газеты не павёў размову аб тым, што трэба «паважаць і вадзіцеля».
Вадзіцель прачынаецца ў чатыры гадзіны раніцы або а палове пятай. Спяшаецца на дзяжурны аўтобус, каб своечасова выехаць на аўтавакзал. Пры перазменцы адпачываеш толькі тры — чатыры гадзіны. Усялякае здараецца.
У вадзіцеля абедзенны перапынак. Ён спыняе машыну і ў першую чаргу спяшаецца праверыць яе, ці ўсё спраўна. Калі трэба — адрэгулюе, заправіць. А сам так і застаецца без адпачынку. За гэты час, што стаіць аўтобус, добры дзесятак людзей падыходзіць і пытаецца, ці пойдзе ён па маршруту. Вадзіцель займаецца сваёй справай. Ён не толькі не паспявае адказваць, а пачынае нервавацца. Вось так і атрымліваецца, што вадзіцель і пасажыр размаўляюць на «розных мовах». Шафёр, які ездзіць па гораду, штодзённа перавозіць каля тысячы чалавек. I вядома, што кожнаму не дагодзіш. Прыемна, калі пасажыр звяртаецца са словамі: «калі ласка». Іншы раз пад’язджаеш на прыпынак. Бачыш, што сабралася многа народу. Не паспеў яшчэ спыніцца, а пасажыры лезуць да аўтобуса, штурхаюць адзін аднаго, лезуць пад колы. Дзе ж свядомасць такіх пасажыраў?
Вядома, кожнаму хочацца хутчэй дабрацца домоў. Але навошта віснуць на падножках? Дзверы не зачыняюцца. Просіш прайсці ў салон. Толькі просьбы мала дапамагаюць. Пачынаеш нервавацца, выходзіш з кабіны, каб «падсадзіць» пасажыра, які вісіць на адной назе на падножцы аўтобуса. А ён да цябе ледзь не з кулакамі кідаецца. Вось паспрабуй культурна абслужыць такога пасажыра.
А ці ведаюць пасажыры, што трэба прад’яўляць праязныя білеты і талоны вадзіцелю? Ведаюць, а чамусьці не робяць гэтага. Лічаць, што прад’яўляць білеты трэба толькі кантралёру.
Бывае і такое. На лініі працуе многа машын. У аўтобус у пярэднія дзверы ўвальваецца здаравенны дзяцюк. I пачынае дапытвацца ў вадзіцеля, чаму дрэнна працуе аўтатранспарт. А лепш гэта пытанне было б адрасаваць кіраўніцтву гаспадаркі. Праца шафёра патрабуе пастаяннага напружання і ўважлівасці. А тут сваімі, я б сказаў, нават недарэчнымі пытаннямі пасажыр адцягвае тваю ўвагу ад дарогі. Трэба мець стальныя нервы.
Успамінаю выпадак, калі мне давялося ехаць на Чэрнеўку. Вадзіцель адмовіўся ехаць таму, што пасажыр, у якога не было білета, выбіў шкло ў аўтобусе толькі за тое, што не ўзялі яго. А машына была перапоўнена. Ды нейкія ж нормы перавозкі пасажыраў існуюць. Я таксама адмаўляўся. Але прыйшлося ехаць. Не паспеў падагнаць аўтобус да пляцоўкі, а яго ўжо акружылі пасажыры. Адзін аднаго штурхаюць. Адчыніў пярэднія дзверы для кантралёра, каб той рабіў пасадку, дык пасажыры амаль збілі яго з ног, так спяшаліся заняць свае месцы.
Быў я ў 1974 годзе ў Латвійскай ССР. I мне вельмі спадабалася, як гэта справа арганізавана ў іх. Падаецца аўтобус на пляцоўку. Першым у машыну ўваходзіць кантралёр і выклікае па парадку пасажыраў.
Усе спакойна ўваходзяць у салон. Ніякага шуму, ніякай нерватропкі. У горадзе на прыпынках пасажыры стаяць у чарзе, заходзяць у аўтобус толькі праз заднія дзверы. З такімі пасажырамі прыемна працаваць.
Калі пасажыр будзе ветлівы, то я магу паручыцца за сваіх сяброў па працы, што ні адзін з іх ніколі не нагрубіць у адказ.
Толькі пры ўзаемнай павазе можна зразумець адзін аднаго.

Е. ГРУЗДОЎ, вадзіцель аўтакалоны № 2433.
"Камуністычная праца", №132 (8723), Серада, 20 жніўня 1975 года.




А што за адказам?


Гэты агляд пісьмаў, дасланых у рэдакцыю, хочацца пачаць лістом барысаўчаніна І. М. Клябанава, які пражывае па вуліцы Чапаева: «Упэўнены, што аб рабоце грамадскага аўтатранспарту вы атрымліваеце мноства пісьмаў. Я, як і большасць пасажыраў якія прастойваюць на прыпынках нашага горада, мала спадзяюся на хуткія перамены, але пішу. А вось раптам што-небудзь ды зменіцца?
У нядзелю ўсе гараджане спяшаюцца на калгасны рынак, што ў старой частцы горада, каб запасціся свежымі прадуктамі, гароднінай, фруктамі. А вось дабрацца дамоў не так проста. Стаіш на прыпынку і якіх толькі разважанняў не пачуеш. Прайшло тры аўтобусы першага маршруту, праўда, і яны ўсе браліся «штурмам», а адзінаццатага так і няма, і каб гэта толькі адзінкавы выпадак. Так здараецца не толькі па выхадных. Настрой сапсаваны на ўвесь дзень. I ўжо не хочацца свежых фруктаў... А кветкі, што купіў, даўно павялі і ператварыліся ў... венік. Няўжо нельга арганізаваць інакш работу грамадскага аўтатранспарту?»
Праўда, гэтае пісьмо рэдакцыя не накіроўвала на рэагаванне кіраўніцтву аўтакалоны № 2433 і на яго няма адказу. Алё яно характэрна ў тым сэнсе, што вельмі наглядна адлюстроўвае настрой пасажыра, якому даводзіцца стаяць на аўтобусных прыпынках і не проста стаяць, а напружана чакаць, кожную мінуту пазіраючы на гадзіннік.
Варта спыніцца і на пісьме Панамарова Г. I., які жыве па вул. 50 год БССР. У яго сына было вяселле. Як і належыць, папярэдне заказалі і аплацілі заказ на два легкавыя таксі, якія павінны былі даставіць маладых у бюро гарадскога ЗАГСа зарэгістраваць шлюб. Але ў вызначаны час прыйшла толькі адна машына.
Не варта пералічваць усе хваляванні і пакуты Панамарова, які шукаў другую аўтамашыну. Аказаўся ён у такім незайздросным становішчы па волі дыспетчара Т. Паршыкавай і вадзіцеля В. Цікуна, якія праявілі халатнасць і абыякавасць да сваіх службовых абавязкаў. Няцяжка ўявіць і настрой жаніха і нявесты. Такі радасны ў іх жыцці дзень быў азмрочан.
Як паведаміў рэдакцыі начальнік аўтакалоны № 2433 тав. Луцкевіч, вінаватыя панеслі пакаранне. Дыспетчару Т. Паршыкавай аб’яўлена вы-мова, а вадзіцель Б. Цікун на адзін месяц пераведзен шафёрам-загоншчыкам. Пісьмо Панамарова было абмеркавана на нарадзе дзяжурных дыспетчараў і ў аддзеле эксплуатацыі вадзіцельскага саставу.
Аб дрэннай арганізацыі аўтобусных зносін з населенымі пунктамі раёна, аб грубасці вадзіцеляў і дыспетчараў пісалі барысаўчане В. М. пазнякоў (маршрут « Барысаў—Кішчына-Слабада), Н. Касцючыц (маршрут Барысаў—Раннае). Кіраўніцтва аўтагаспадаркі разглядала гэтыя скаргі, і вінаватыя ў парушэннях пакараны. Аб гэтым афіцыйна рэдакцыі паведаміў начальнік аўтакалоны № 2433 тав. Луцкевіч.
У сваім пісьме Р. Хадаронак ўказвала, што вельмі дрэнна на працягу многіх месяцаў ходзяць аўтобусы па маршруту Барысаў—Уша. Яна скардзілася на грубасць вадзіцеля. Гэта пісьмо таксама было накіравана на рэагаванне кіраўніцтву аўтакалоны. На яго адказаў начальнік аддзела экспулатацыі тав. Бранцаў:
– У сувязі з работамі па будаўніцтву дарогі Барысаў – Чарневічы аддзел эксплуатацыі аўтакалоны даў указанне вадзіцелям следаваць толькі да вёскі Сыч. Часова работы спынілі і было вырашана прадоўжыць рух да вёскі Уша. Што датычыць няправільных паводзін вадзіцеляў Каваленкі і Бузыннага, яны пакараны ў адміністрацыйным парадку.
Усе пісьмы аб рабоце грамадскага аўтатранспарту рэдакцыя накіроўвае на рэагаванне кіраўніцтву аўтапрадпрыемства. I кожны раз мы спадзяёмся атрымаць канкрэтныя, дзелавыя адказы, а не спасылкі на аб’ектыўныя цяжкасці.
Рэдакцыя атрымала і атрымлівае адказы, у якіх гаворыцца, што прымаюцца ўсе неабходныя меры па ўхіленню дапушчаных недахопаў і што становішча будзе выпраўлена, а аўтобусны рух стабілізуецца. Напомнім, што такія адказы прыходзілі ў красавіку, маі, чэрвені, ліпені, жніўні... Сустракаліся і такія выразЫ, што дзейнасць такіх вось маршрутаў узята пад строгі кантроль. Быццам бы іх раней не трэба было кантраляваць. Справа не ў гэтым і нават не ў абяцаннях выправіць становішча, а ў тым, наколькі афіцыйныя адказы адпавядаюць сапраўднасці.

"Камуністычная праца", №139 (8730), Аўторак, 2 верасня 1975 года.



Дзе чакаць таксі?


Чалавеку патрэбна таксі. Вядома, ён ідзе на стаянку, на гэтае спецыяльна вызначанае месца. I тут у парадку чаргі чакае машыну. А што атрымліваецца на самой справе? Нядаўна стаю на стаянцы, хворае дзіця са мной. Чакаю таксі. У чарзе першая. Не паспела машына паказацца, як двое мужчын на паўдарозе спынілі таксі, як ні ў чым не бывала селі паехалі. А я засталася зноў чакаць. А ці правільна гэта? Думаецца, што таксі павінна забіраць пасажыраў з месца стаянкі.
Такое пісьмо напісала ў рэдакцыю грамадзянка Васільева, указаўшы нумар таксі 67-31.
Як паведамілі з аўтакалоны № 2433, куды была накіравана скарга на рэагаванне, пісьмо Васільевай разгледжана кіраўніцтвам аўтакалоны і абмеркавана на сходзе вадзіцеляў легкавых таксі. Яшчэ раз вывучаны правілы перавозкі пасажыраў у таксаматорах і звернута ўвага вадзіцеляў на абавязковае выкананне гэтых правілаў.
Устанавіць прозвішча вадзіцеля таксі па ўказанаму нумару 67-31 аказалася немагчымым. Справа ў тым, што ў аўтакалоне таксі з такім нумарам няма. Упаўне можа быць, што гэта машына Крупскай або Жодзінскай аўтабазы, якія таксама паяўляюцца на тэрыторыі Барысава і абслугоўваюць пасажыраў.

"Камуністычная праца", №168 (8759), Серада, 22 кастрычніка 1975 года.




Пішуць пасажыры


Па-ранейшаму ў рэдакцыйнай пошце шмат, пісьмаў аб аўтобусным руху на гарадскіх і раённых маршрутах.
Вучні вёскі Гара выказалі пажаданне, каб аўтобусы трынаццатага маршруту хадзілі да Гаранскай пачатковай школы. Да іх пажадання далучаюцца і жыхары вёскі.
Адказаць на яго мы папрасілі начальніка аўтакалоны № 2433 т. Луцкевіча. Ён паведаміў, што гэта прапанова была ўсебакова абмеркавана і разгледжана кіраўніцтвам аўтагаспадаркі. Прадоўжыць маршрут нельга па дзвюх прычынах. Па-першае, расклад руху ўвязаны з графікам работы прамысловых прадпрыемстваў залінейнага раёна. I любыя змяненні адмоўна адаб’юцца на абслугоўванні пасажыраў гэтага раёна горада. Да таго ж, праз вёску пралягаюць пяць іншых маршрутаў. Пасажырскі транспарт робіць 42 рэйсы ў дзень. Гэтага дастаткова, каб забяспечыць перавозку пасажыраў. Па-другое, згодна правілаў перавозкі пасажыраў, максімальная адлегласць паміж прыпынкамі на гарадскіх маршрутах не павінна быць менш 800-1000 метраў. А адлегласць паміж в. Гара і прыпынкам «Фабрычная», дзе спыняюцца машыны чацвёртага і трынаццатага маршрутаў, усяго толькі 500 метраў.
Барысаўчанін Ф. А. Лукашэвіч, які пражывае па вул. Усходняй, 28, пісаў што прыпынак аўтобуса чацвёртага маршруту «12-я школа» трэба перанесці на ранейшае месца, як было да мая 1975 года. З аўтакалоны, куды было паслана на рэагаванне пісьмо, адказалі, што прыпынак перанесен невыпадкова. Раней сустрэчныя прыпынкі знаходзіліся на блізкай адлегласці адзін ад аднаго. Гэта стварала перашкоды і небяспеку для руху транспартных сродкаў і пешаходаў, асабліва для школьнікаў.
Рэдакцыя атрымала ліст жыхара Барысава П. А. Караленкі. Ён скардзіўся, што па невядомых прычынах аўтобусы маршруту Барысаў—Бродаўка не заязджаюць у вёску Старынкі. На пісьмо адказвае начальнік аўтакалоны №2433 І. Луцкевіч:
– Да Старынак транспарт не хадзіў з-за дрэнных дарожных умоў. Аб гэтым было паведамлена выканкому райсавета і дырэкцыі саўгаса «Бродаўка». Пасля правядзення прафілактыкі дарогі з 26 верасня г. г. рух адноўлен.
Прыйшоў адказ і на калектыўнае пісьмо настаўнікаў Мётчанскай школы. Яны пісалі аб неабходнасці карэнна палепшыць аўтобусныя зносіны па маршруту Барысаў—Чэрнеўка.
У адказе кіраўніцтва гаворыцца, што з мэтай паляпшэння абсугоўвання пасажыраў за маршрутам замацаваны новыя машыны маркі ЛA3-695.
Навучэнка В. Дакука ў сваім пісьме расказвала, што многа непрыемнасцей, дарэмнага хвалявання і марнай траты часу дастаўляе чаканне аўтобусаў шостага маршруту. А людзі, якім даводзіцца карыстацца паслугамі грамадскага аўтатранспарту, у першую чаргу разлічваюць на мінімум зручнасцей. А на справе так атрымліваецца далёка не заўсёды. Урэшце прыйшла доўгачаканая шасцёрка, — піша В. Дакука. — Але яна не змагла ўмясціць усіх жадаючых ехаць. Як пярэднія, так і заднія дзверцы браліся штурмам. I не дзіўна. Чакалі мы транспарт амаль дзве гадзіны...»
Скарга была разгледжана кіраўніцтвам пасажырскай аўтакалоны. Шосты маршрут пастаянна абслугоўваюць дзве машыны вялікай умяшчальнасці маркі ЛІАЗ-677. У той дзень былі сарваны тры рэйсы. Дыспетчару Малінінай, па чыёй віне яны адбыліся, строга ўказана.

"Камуністычная праца", №174 (8765), Субота, 1 лістапада 1975 года.




За рух без небяспекі


Я ўзначальваю брыгаду вадзіцеляў, якія абслугоўваюць першы гарадскі маршрут. Уся наша брыгада імкнецца сваёй работай даставіць людзям радасць, зрабіць так, каб чалавек мог хутка дабрацца на работу і дамоў.
Шафёру патрэбна неаслабна сачыць за дарогай. Для бяспекі саміх жа пасажыраў вадзіцелі перасталі прадаваць талоны. Правіламі перавозкі забараняецца ў час руху аўтобусаў адрываць увагу вадзіцеля ад дарогі. Хачу расказаць пра адзін выпадак, які здарыўся не так даўно са мной. У салон машыны ўвалілася вясёлая кампанія. I адразу пачалі ў кабіну паступаць сігналы. А перагаворнае прыстасаванне, як на бяду, не працавала. На прыпынку я папрасіў пасажыраў не падаваць без патрэбы сігналы ў кабіну вадзіцеля. Але як толькі аўтобус крануўся з месца, сігналы зноў пачалі паступаць. Давялося высадзіць пасажыра з машыны, якому здавалася, што аўтобус ідзе вельмі марудна. Але зрабіць гэта было не так лёгка. За сабутэльніка ўступілася ўся кампанія. Пачалі штурхаць мяне пад бакі, ледзь не з кулакамі кідаліся.
Ёсць цяжкасці і іншага характару. Я гаварыў, што праца вадзіцеля патрабуе вялікай увагі. Мы абслугоўваем першы маршрут, на якім самы вялікі пасажырапаток. Ездзіць даводзіцца па галоўных гарадскіх вуліцах. Але вось знака, які б папярэджваў, што гэта іменна галоўная вуліца, нідзе не заўважыш на працягу ўсёй лініі. Працаваць у такіх умовах цяжка і небяспечна.
Пачынаецца зімовы сезон, снег, галаледзіца. I вельмі хочацца, каб вуліцы падсыпаліся не так, як гэта было ў мінулым годзе. Мы працуем на машынах маркі ЛІАЗ- 677. А яе вельмі цяжка спыніць на слізкай дарозе. Праўда, за рулём у нас вопытныя, першакласныя вадзіцелі, і яны робяць усё, каб забяспечыць бяспеку перавозкі пасажыраў. Але адных нашых, намаганняў мала. Над пытаннямі бяспекі руху транспартных сродкаў трэба падумаць кіраўніцтву адпаведных устаноў.
П. АЛАБІН, брыгадзір вадзіцеляў гарадскога маршруту № 1, шафёр першага класа.

Рэдактар А. Г. ГЕРАСІМЕНКА.
"Камуністычная праца", №190 (8781), Субота, 30 лістапада 1975 года.




Да ведама пасажыраў!


У сувязі з упарадкаваннем аўтобусных прыпынкаў з 20 снежня г. г. ліквідуюцца прыпынкі «Чапаева», «Цэнтральная плошча» і «2-я паліклініка» для аўтобусаў маршрутаў №№ 1, 7, 11, 12 пры іх следаванні ў старую, частку горада. Узамен уводзіцца прыпынак «Універмаг «Мір» (насупраць Дома ЗАГСа).
У мэтах паляпшэння перавозу пасажыраў мікрараёна 50 год БССР і паскарэння абарачальнасці машын з 20 снежня г.г. рух аўтобусаў маршруту № 5 будзе арганізаван на ўчастку аўтастанцыя — палітэхнікум — чыгуначны вакзал і назад.

Адміністрацыя аўтакалоны № 2433.



Вярнуцца да спісу артыкулаў>>


Поиск
Поисковый запрос по сайтам Борисова
Погода
Вход
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Опрос
Как Вы узнали о нашем сайте? 
Всего ответов: 25
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Облако тегов
Сайт